Wtorek 18 Wrzesień 2007
Разглядаючы мапу Эўропы, можна заўважыць, што шлях ад Балтыйскага да Азоўскага марэй ляжыць праз чатыры вялікія эўрапейскія дзяржавы – Германію, Польшу, Беларусь ды Украіну.
Моладзевыя актывісты менавіта з гэтых краінаў і сталі ўдзельнікамі чарговага медыакампу, які адбыўся 21–30 жніўня ў самым паўднёва-усходнім горадзе Украіны – Бердзянску. Варта адзначыць, што гэты курортны горад, які ляжыць на самым беразе Азоўскага мора, першы раз прыймаў міжнародны праект такога ўзроўня. І ўсё гэта дзякуючы Украінска-польскаму культурна-адукацыйнаму аб’яднанню “Odrodzenie” – адзінай грамадскай арганізацыі ва Усходняй Украіне, якая з’яўляецца членам асацыацыі Youth4media.
Заняткі праходзілі ў прыгожым і добраўладкаваным будынку Бердзянскага універсітэта мэнеджмэнта і бізнэса, дырэкцыя якога з гонарам выступіла ў падтрымку міжнароднага праекту. Цікавы таксама той факт, што медыакам прыцягнуў увагу мясцовых уладаў і прадстаўнікоў мясцовых медыяў.
Нягледзячы на спякоту і зной (удзень слупок тэрмометра не апускаўся ніжэй 40С), удзельнікі лагера працавалі вельмі ахвотна і плённа, аб чым сведчаць добрыя вынікі працы. Відэагрупа стварыла фільм аб Бердзянскім універсітэце. Адукацыйная група абмяркавала асаблівасці Балонскага працэсу і магчамысці яго выкарыстання на Украіне, а таксама распрацавала чатыры новыя моладзевыя праекты, якія будуць рэалізаваныя ў 2008 годзе. Яшчэ две групы працавалі на тэмы “Active Citizenship” і „Youth Participation”. Першая прадставіла кароткі фільм, які заклікае маладых людзей быць актыўнымі грамадзянамі сваёй краіны, а другая – слайд-прэзентацыю, якая адлюстроўвае праблемы, звязаныя з удзелам моладзі ў міжнародных праектах і шляхі вырашэння гэтых праблемаў.
Варта адзначыць, што вельмі ўдала на гэтым медыакэмпе быў зарганізаваны вольны час. Удзельнікі лагера не толькі плённа працавалі, але таксама гулялі па горадзе, рабілі пакупкі, купаліся ў моры, загаралі, каталіся на кацеры, цеплаходзе, а таксама разам з украінскімі сябрамі святкавалі Дзень Незалежнасці Украіны.