Беларускі рок на ўкраінскай зямле
22 верасня ў Луцку пад патранатам мясцовых уладаў адбудзецца беларускі рок-фэст "Права быць свабодным". Ідэя фэсту належыць прадусэру Віталю Супрановічу - кіраўніку "БМА-груп". Ад 15 да 24 гадзіны на сцэну Цэнтральнага парку імя Лесі Украінкі будуць выходзіць вядомыя беларускія гурты KRAMA, ULIS, Neuro Dubel, Indiga, Tav.Mauzer, :B:N:, Сьцяна, Znich.
Гэтыя выканаўцы знаёмыя беларускім слухачам па выступах на "Басовішчы". Больш таго, амаль усе яны некалі былі яго пераможцамі. Таксама ў Луцку зайграе зорка ўкраінскай рок-сцэны - гурт "Тінь Сонця" з Кіева, які таксамa выступаў на сёлетнім "Басовішчы". Падрабязней пра фэст чытайце на яго афіцыйнай старонцы http://festsvabody.org/.
