Яшчэ доўга ісці да сапраўднага аб’яднання еўрапейскага кантыненту. Не будзе адзінай Еўропы, пакуль не будзе ў ёй адзінства духу.
Улюбёныя браты і сёстры, праз васямнаццаць гадоў паўтараю вам тое самае: мы павінны быць гатовыя. Бо аказваецца і часам гэта вельмі балюча, што для адбудовы еўрапейскага адзінства недастаткова вяртання права самавызначэння і пашырэння палітычных і эканамічных вольнасцяў. Як тут не прыгадаць трагедыі народаў былой Югаславіі, драмы албанскага народу і вялікіх цяжкасцяў, што маюць усе грамадствы, якія з вялікім высілкам вярнулі свабоду, скінуўшы з сябе ярмо таталітарнае, камуністычнае сістэмы. Хіба можна сказаць, што пасля разбурэння аднаго муру, які быў бачны, яшчэ больш можна адчуць іншы мур, які і надалей падзяляе наш кантынент – мур, што цягнецца праз чалавечыя сэрцы? Ён быў збудаваны на страху і агрэсіі, праз недахоп разумення людзей іншага паходжання, з іншым колерам скуры, іншага веравызнання, пабудаваны ён з палітычнага і гаспадарчага эгаізму ды з аслаблення ўразлівасці вартасцю чалавечага жыцця ды годнасцю кожнага чалавека. Нават несумненныя дасягненні апошніх гадоў у галіне гаспадаркі, палітыкі, грамадства не хаваюць істнення гэтага муру. Ягоны цень падае на ўсю Еўропу.
Гэты самы глыбокі падмурак адзінства прынёсла ў Еўропу хрысціянства і стагоддзямі яго ўзмацняла, са сваім Евангеллем, са сваім разуменнем чалавека і ўкладам у развіцё гісторыі народаў і краін. Гэта не завалодванне гісторыяй. Бо гісторыя Еўропы – гэта вялікая рака, у якую ўпадаюць самыя розныя рэчкі і ручаі, а разнастайнасць традыцый і культур, что яе ствараюць, ёсць вялікім багаццем. Падмурак еўрапейскае самасвядомасці збудаваны на хрысціянстве. А цяперашні недахоп яе духоўнага адзінства паходзіць, па большасці, з крызісу хрысціянскай самасвядомасці. Дарагія браты і сёстры, менавіта Хрыстос, Ісус Хрыстос, «учора і сёння той самы, ды на векі» (Жыд. 13, 8), паказаў чалавеку ягоную годнасць! Менавіта Ён ёсць гарантам тае годнасці! А заступнікі Еўропы – св.
Бенедыкт, а таксама святыя Кірыл і Мефодый – прышчапілі еўрапейскай культуры праўду пра Бога і пра чалавека. Мноства святых місіянераў, аб якіх сёння нагадвае нам св. Войцех, несла еўрапейскім народам вядомасць аб любові блізкага, нават аб любові ворагаў, вядомасць, падмацаваную аддадзеным за ніх жыццём. З гэтай Добрай Звесткай – Евангеллем, жылі ў Еўропе нашыя браты і сёстры на працягу многіх стагоддзяў, па дзень сённяшні. Яе паўтаралі муры храмаў, абацтваў, шпіталей і ўніверсытэтаў. На Евангеллі пакладзеныя асновы духоўнага азінства Еўропы. Таму ад магілы св. Войцеха пытаю я вас, ці можам мы адкінуць права хрысціянскага жыцця, якое кажа, што толькі той прыносі добры плод, хто памірае дзеля ўсяго, а хто ж памірае на карысць братоў, як не зерне, кінутае ў зямлю?
Тут, на гэтым месце паўтараю заклік самага пачатку майго пантыфікату:
Чалавека нельга зразумець без Хрыста. Таму мур, што паўстае сёння ў сэрцах, мур, які падзяляе Еўропу, не абрынецца без вяртання да Евангелля. Без Хрыста немагчыма будаваць устойлівага азінства.
Гэта немагчыма рабіць, адрэзаўшы сябе ад тых каранёў, з якіх выраслі народы і культуры Еўропы і ад вялікага багацця мінулых стагоддзяў. Як можна разлічваць на збудаванне «агульнага дому» для ўсяе Еўропы, калі не хопіць цэглаў чалавечага сумлення, што былі абпаленыя агнём Евангелля, звязаныя спайкай агульнай грамадскай любові, што ёсць плодам любові Божай? Такой рэчаіснасці прагнуў св. Войцех, за такую будучыню аддаў ён жыццё. І сёння ён такасама нагадвае нам, што немагчыма пабудаваць новы парадак без адноўленага чалавека, гэтага самага моцнага падмурку кожнага грамадства.