Pomin nawigacje

Дзедзіч

Берасцейскае абласное моладзевае грамадскае аб'яднанне Даследча-аналітычны клуб "Дзедзіч" утворана ў лістападзе 1999 г. студэнтамі БрДУ. Ідэя стварэння падобнай арганізацыі вітала ва ўніверсітэце даўно, але канчатковае ўвасабленне атрымала пад уплывам падзей 17 кастрычніка 1999г. у Менску ("Марш Свабоды-1").

Тры гады арганізацыя імкнулася зарэгістравацца ва упраўленні юстыцыі, і ў рэшце рэшт дамаглася свайго. Але нам прыйшлося адмовіцца ад самага каштоўнага - назвы клуба - "Дзедзіч". 19 снежня 2002г. нас зарэгістравалі пад назвай "Сузор'е". А паколькі ўсе мы лічылі сябе "дзедзічамі", то вырашылі, каб захаваць назву, зарэгістраваць яшчэ і Фонд "Дзедзіч". Гэта дае нам магчымасць больш эфектыўна весці нашу працу і каардынаваць розныя яе накірункі.

Фонд падтрымкі маладзёжных ініцыятыў "Дзедзіч" зарэгістраваны упраўленнем юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама 27 лютага 2003г.

    Наша дзейнасць:

За час існавання арганізацыі здзейснены наступныя праекты і акцыі:

2004

Выдадзена і распаўсюджана ў навучальных установах 6 нумароў бюлетэня "Дзедзіч" і адзін нумар мабілізацыйнага бюлетэня "Выбірай", прысвечанага выбарам і рэферэндуму 17-га кастрычніка. Наладжаны распаўсюд бюлетэня ва ўсіх ВНУ, у 15-ці школах горада, у 4-х ПТВ і 2 тэхнікумах, а таксама па падпісцы. У верасні 2004г. бюлетэнь атрымаў Дыплом 2-й ступені на рэспубліканскім конкурсе вучнёўскіх і студэнцкіх газет (арганізаваны ТБШ).

Штотыднёва выходзіць электронная рассылка "Dzedzich week-news" з навінамі пра дзейнасць моладзевых НДА вобласці.

Пастаянна абнаўляецца сайт арганізацыі. У сувязі з нездавальняючай працай сервера Фонда "Наша вежа" мы перанеслі сайт на новы сервер з кароткім імем (www.dzedzich.org).

Праведзена 48 віктарын для школьнікаў "Усё аб усім" (у тым ліку ў г. Жабінка, Маларыта, Камянец).

На базе "Дзедзіча" па-ранейшаму дзейнічае абласны моладзевы інфармацыйны цэнтр, які аказвае кансультатыўныя, інфармацыйныя і тэхнічныя паслугі моладзевым арганізацыям Берасцейскай вобласці.

Мы працягваем праводзіць семінары па теме "Асновы дзейнасці НДА" (праведзена 40 семінараў) і па проблеме ёддэфіцыту (праведзена 23 семінары).

У школах горада на ўроках гісторыі і беларускай літаратуры праведзена больш за 30 відэапраглядаў фільмаў на беларускай мове ("Адважнае сэрца", "Гладыятар", "Іісус"). Школьнікі змаглі не толькі пачуць жввую беларускую мову, але і выказаць у працэсе абмеркавання фільма сваё стаўленне да гістарычных падзей, правесці паралелі з сучасным этапам развіцця нашай краіны. У офісе арганізацыі прайшло 22 відэапрагляда фільмаў на грамадска-палітычную тэматыку ("Звычайны прэзідэнт", "Страх", "Богі сярпа і молата", "В.Быкаў. Вяртанне", "Незвычайны канцэрт", "Акупацыя. Містэрыі"). Прагляды адбываюцца як на відэатэхніцы, так і на кампутарах, таму як частку фільмаў нам удалося знайсці ў электронным фармаце.
Працягваецца дзейнічаць бібліятэка НДА, якая налічвае больш за 650 выданняў па ўсіх аспектах дзейнасці НДА, а таксама больш за 1000 выданняў навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры на беларускай, расейскай, ангельскай, польскай, украінскай і інш. мовах. Частку літаратуры мы закупалі, частку сабралі ў партнёрскіх арганізацыях і сярод сваіх сябраў. Карыстальнікамі бібліятэкі за гэты перыяд сталі 1420 чалавек.

У лютым 2004г. праведзена сацыялагічнае апытанне студэнцкай моладзі з мэтай выяўлення іх адносінаў да НДА (было апытана 155 студэнтаў Брэсцкага дзярдаўнага універсітэта).

18 сакавіка па просьбе рэдакцыі часопіса "Дзеяслоў" мы арганізавалі сустрэчу Б. Пятровіча, А.Пашкевіча і Э.Акуліна са студэнтамі БрДУ.

22 красавіка прайшла сустрэча брэсцкай моладзі з паэтам Н. Гілевічам. 2 гады мы запрашалі яго ў Берасце і, нарэшце, дзякуючыц супрацоўніцтву з таварыствам "Кніга" (г. Менск), мы арганізавалі гэты візіт. Праграма візіту ўключала ў сябе сустрэчу са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта, а таксама сустрэчу з творчай інтэлігенцыяй у Брэсцкай абласной бібліятэцы (у сувязі з непрадбачнымі абставінамі па дарозе яна была адменена). Адметна тое, што на гэты раз адміністрацыя універсітэта прадаставіла не звычайную для такіх сустрэч вучэбную аудыторыю, а актавую залу, у якой упершыню змаглі амаль свабодна змясціцца ўсе жадаючыя.

Пры падтрымцы нашай арганізацыі ўзнікла новая студэнцкая ініцыятыва "Аазіс". У яе ўваходзяць студэнты брэсцкіх ВНУ, каледжаў і тэхнікумаў, навучэнцы школ. У планах ініцыятывы - стварэнне ў горадзе рэальных структур студэнцкага і школьнага самакіравання.

У траўні-ліпені праведзена 3 акцыі па ачыстцы р. Мухавец ад бытавога смецця. У іх прымалі удзел каля 25 маладых людзей. 13 лістапада сумесна з гарвыканкамам мы правялі акцыю па ачыстцы берагоў р. Мухавец у межах горада (5 км). Удзел у гэтай акцыі ўзялі 100 чалавек - валанцёры нашай арганізацыі, студэнты брэсцкіх ВНУ. За 3 гадзіны працы было вывезена 9 машын смецця.

З 4 па 14 ліпеня мы правялі летнік па добраўпарадкаванню рэшткаў кляштара бернардзінак. Удзельнікамі летніка былі 14 чалавек (студэнты і вучні школ Берасця). Таксама ўдзел у працы бралі маладыя людзі, што, не маючы магчымасці заставацца пастаянна, прыходзілі толькі на дзень-два, - каля 40 чалавек. Вакол кляштара была зроблена роўная, ачышчаная ад раслінаў пляцоўка, унутраныя памяшканні былі прыбраныя ад смецця. Культурная праграма ўключала дэбаты, літаратурны вечар з берасцейскімі паэтамі, выступы берасцейскіх бардаў, запрашэнне ў летнік аматараў рэтра-аўтамабіляў. На ўрачыстым закрыцці летніка выступіў бард Зміцер Бартосік. Ужо пасля завяршэння летніка на кляштары працавала тэхніка РУП "Брестводстрой": бульдозер, які выраўняў тэрыторыю вакол будынку і машыны, якія вывезлі сабранае намі смецце. Трэба адзначыць, што, дзякуючы намесніку старшыні гарвыканкама А.Палышэнкову (сёння ён - старшыня гарвыканкама), нам удалося дамовіцца аб бясплатным выкарыстанні тэхнікі на цэлы тыдзень. Пасля на тэрыторыі была пасеяна трава.

У верасні мы правялі збор подпісаў пад патрабаваннем выканання экалагічных норм падчас будаўніцтва новай ТЭЦ у г. Берасці, удзел у якім узялі 40 валанцёраў арганізацыі. Было сабрана больш за 3500 подпісаў, якія перададзены ў аблвыканкам.

Канец лета - пачатак восені былі вельмі гарачымі: мы ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах. Лідэр "Дзедзіча" Дзмітрый Шыманскі балатаваўся ў парламент па Берасцейскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2. Збор подпісаў, агітацыя, кампаніі "Ад дзвярэй да дзвярэй", раскідванне і раздача ўлётак, тэлефонная агітацыя і рассылка лістоў - праз усе гэтыя тэхналогіі прайші больш за 60 сябраў "Дзедзіча". Больш падрабязна пра ўсе прыгоды "Дзедзіча" ў гэтай кампаніі можна пачытаць на сайце www.shymanski.org.

8 кастрычніка ў наш офіс прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія без санкцыі пракурора ўчынілі вобыск і забралі ўсю друкаваную прадукцыю, якая знаходзілася ў памяшканні: 2500 асобнікаў бюлетэня "Выбірай", 1000 асобнікаў апошняга нумара бюлетэня "Дзедзіч", 400 асобнікаў розных нумароў бюлетэня з архіва арганізацыі, іншую друкаваную прадукцыю.

Праз 5 дзён пасля выбараў, у знак салідарнасці з выступленнямі беларускай моладзі ў Менску супраць фальсіфікацыяў вынікаў выбараў і рэферэндуму, наша арганізацыя правяла несанкцыянаваны пікет на цэнтральнай плошчы Берасця, у якім узялі ўдзел каля 30 валанцёраў арганізацыі. Фотаздымкі гл. у раздзеле "Фотаархіў".

У пачатку лістапада мы правялі кампанію па прыцягненню ўвагі грамадскасці да праблемы ёддэфіцыту ("Ёд - тое, што трэба"). Было надрукавана і вывешана ў крамах горада 300 плакатаў, раздадзена на вуліцах і ў медычных установах 2000 інфармацыйных улётак.

А Новы год Дзедзіч выбраўся сустракаць у Люблін да сваіх новых партнёраў - фундацыі "Novy staw". 15 маладых берасцейцаў, сябры моладзевых арганізацый "Сузор'е", "Цэнтр роўнага навучання", "Аазіс" сустракалі Новы год у Еўрапейскім доме спатканняў. Па запрашэнні польскіх партнёраў яны прынялі ўдзел у міжнародным семінары "Разам у Еўропе", прысвечаным працэсам еўрапейскай інтэграцыі, што праводзіўся ў навагоднія дні (з 28.12. па 4.01).

7 сакавіка на Набярэжнай мы ўсталявалі інфармацыйны стэнд з заклікам да берасцейцаў не забруджваць раку Мухавец.
 
14 сакавіка па нашаму запрашэнню Берасце наведаў паэт Г.Бураўкін, які сустрэўся з грамадскасцю горада і студэнтамі філфака БрДУ.

Каб даведацца болей заходзь: www.dzedzich.org