Pomin nawigacje

Галоўная \ Euroregion \ Media euroregionalne \ Берасцейскі “Спас на крыві”

Берасцейскі “Спас на крыві”

У 2006 годзе споўнілася 10 гадоў з моманту заснавання Свята-Афанасьеўскага мужчынскага манастыра, які размясціўся на месцы забойства святога Афанасія Берасцейскага.

...Маршрутнае таксі №1 набліжаецца да пятага форта. Пытаюся ў шафёра, дзе тут мужчынскі манастыр. “Наперадзе”,- адказвае той і праз некалькі сотняў метраў спыняецца каля зялёнага бетоннага плоту. Выходжу з “маршруткі” і нерашуча аглядаюся. З-за шэрай жалезнай брамы відаць невысокая драўляная пабудова з купаламі, увенчанымі залатымі крыжамі. Побач – дзве цагляныя хаткі, як у звычайным прыватным сектары. Раптам прыйшла думка: а ці туды я прыехаў? Бо я чакаў убачыць масіўны будынак, падобны на крэпасць...

У пошуках адказу кіруюся да брамы. Пераступаю цераз парог, раблю некалькі крокаў  і здзіўлена спыняюся. Пачуццё, нібыта апынуўся ў іншым вымярэнні. І складана зразумець, што яго выклікала – ці адсутнасць людзей, ці блізкасць храма, ці нешта яшчэ...

Чую злева нечыя крокі. Да мяне выходзіць барадаты мужчына сярэдніх гадоў у чорнай вопратцы манаха – айцец Макарый, настаяцель манастыра. Садзімся на лаўку каля сцяны драўлянага Свята-Афанасьеўскага храма. Менавіта на гэтым месцы ў вёсцы Гершоны ў 1648 годзе ворагі праваслаўнай веры забілі Афанасія Філіповіча, які быў празваны Берасцейскім і стаў сімвалам духоўнасці праваслаўнай абшчыны горада і яе нябесным абаронцам. Пазней на месцы пагібелі святога, падобна як «Спас на крыві» ў Санкт-Пецярбурзе, пабудавалі капліцу, якая ў наш час ледзь не загінула ад вандалаў. У канцы 90-х капліцу перабудавалі ў храм, і цяпер на паклон сюды прыязджаюць не толькі паломнікі з усёй Беларусі, але і з Польшчы, Украіны, Расіі...

Цікаўлюся ў айца Макарыя насельнікамі манастыра. Аказваецца, такіх зусім няшмат: ён сам, два паслушнікі і пяць чалавек, якія рыхтуюцца стаць манахамі. Паміж богаслужэннямі і клопатам аб чысціні душы яны працуюць на манастырскім агародзе, даглядаюць пчол і назіраюць за ўзвядзеннем брацкага корпуса – таго самага масіўнага цаглянага будынка з зялёным чарапічным дахам, якога я праз густое лісце дрэў адразу і не разгледзеў. У ім пакуль ніхто не жыве. Пачалося будаўніцтва яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя, а вось канца пакуль не відаць. “Гэта ж не дзяржаўная будоўля, калі тэрмін заканчэння строга вызначаны,- тлумачыць айцец Макарый.- Гэта манастыр. Калі будуць ахвяраванні, будуць людзі, жадаючыя тут жыць і служыць Богу,- тады і будаўніцтва пойдзе”.

 ...На чорнай паверхні асфальтаванай пляцоўкі перад уваходам у былую капліцу, а цяпер Свята-Афанасьеўскі храм, бялеюць дзве прамавугольныя бетонныя плямы: калісьці тут раслі два вялізныя каштаны, потым былі кветнікі, а затым, з-за вялікай колькасці прыходзячых на нядзельную службу вернікаў, іх і ўвогуле забетанавалі. “Трэба было б зноў каштаны пасадзіць,- мяркуе айцец Макарый.- Добра летам у іх цяньку ад спякоты схавацца...”

Развітваемся. Кіруюся да выхаду і перад самай брамай аглядаюся: сонейка залоціць крыжы на купалах царквы, воддаль велічна ўзвышаецца недабудаваны манастырскі корпус, а праз поле няспешна крочыць чалавек у манаскім убранні... І такая пануе над гэтым усім атмасфера спакою і душэўнай раўнавагі, што і выходзіць не хочацца. Таму, пакідаючы межы манастырскай зямлі, абяцаю сабе абавязкова сюды вярнуцца – на нядзельную службу.

Аляксей Саладун

Артыкул был змешчаны на сайце www.dzedzich.org. Рускамоўны варыянт апублікаваны пад псеўданімам Аляксей Сяроў у газеце “Брэсцкі веснік”, №28 (61) 27 ліпеня 2006 года.